Новый автор!Виталий Рыжков


Виталий Рыжков
СТИХОТВОРЕНИЯ


РАЗЬВIТАНЬНЕ ЗЬ ВIЛЬНЯЙ

...за сто крокаў да Вострай брамы.
В. Шалкевіч

Дарагая паперка, цярпі, бо нельга дайсьці да кампутара
і да Вострае брамы ўжо не дайсьці з правінай.
Прыгадаецца з часам толькі бясконцая п'яная гутарка -
усё болей піва, на сорам, усё меней Вільні...

Але тут, здаецца, раней за жыцьцё пачаліся апгрэйды:
тут маюць аднолькавыя правы чалавек і ровар,
тут павольна бяз волі сплятаюцца дрэвы ў дрэды -
гледзячы на бутэлькі, узгадваеш: game over.

Тут наогул ня сумна, і настальжы ня цісьне,
няўцямная нават адлегласьць ад дому.
Нядрэнна б застацца, пабачыць зьяўленьне лісьця.
Шкада, што гэтай гульні бракуе "add-онаў"*.

* - дадатак, працяг кампутарнай гульні



БАЛАДА НЕПАДЗЕЛЬНАГА

Нечыя
простыя словы чалавечыя.
Цені,
уадное зьлітыя, танцуючыя,
вечныя,
адзін аднаму прысьвечаныя,
бясконцыя, неіснуючыя.

Бы абраныя,
ад жыцьця адарваныя,
бы адзіныя і суцэльныя,
закаханыя,
адзін аднаму адданыя,
неаслабныя, непадзельныя.


__________


Гэта ня мы -
мы з табой пасярод зімы,
мы з табою ахвяры умоў,
мы - ненапісаных кніг тамы,
паэмы нясказаных слоў...

Нечыя дзіўныя
простыя словы адзіныя.
Што самое сябе спазнае?
Бы няўхільныя,
і самі каханьнем акрыленыя,
непадуладныя - свае.

І, здецца,
мы чуем, як нешта бьецца,
мы адчуваем: з душы пацякло -
кроў ільецца...
Наша каханьне - два сэрцы,
кінутыя аб шкло.

Непрадугледжаныя,
самі сабе прыналежныя.
Дзесьці блукае і наша цяпло.
Бы залежныя,
мы б жадалі парушыць гэтыя межы,
мы б жадалі, каб з намі было:

Нечыя
простыя словы чалавечыя.
Цені,
уадное зьлітыя, танцуючыя.
Вечныя,
адзін аднаму прысвечаныя,
бясконцыя, неіснуючыя.

Бы абраныя,
ад жыцьця адарваныя,
бы адзіныя і суцэльныя.
Закаханыя,
адзін аднаму адданыя,
неаслабныя, непадзельныя...





УЗМАХ КРЫЛАМI

Я вачамі гляджу астылымі:
не пакідай
іржавець з паштовымі скрынямі!
І растаньня не пераблытаю -
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Я блукаю пакоямі брыдкімі,
канчаткова заблытаны крыўдамі.
Растаемся.
У гэтым выпадку
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Усьлед кульгаю з тугой першабытнаю,
бо вяртаньне -
па вадзе віламі...
(Не займела ўздзеяньня прымаўка -
узмахнеш, адлятаючы, крыламі).

Ты мне вочы адкрыла, мілая! -
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Я ўвесь посуд склею ды вымыю! -
узмахнеш, адлятаючы, крыламі.

Ты жадала бясьпекі ды выраю
і не ведала, што рабіць
з крыламі...

Мілая, у небе хапае пастак -
загінеш,
парэзаная крыламі ластавак.

Адкуль ты ведаеш, - ляці, калі ласка! -
можа, яны і не грэбуюць мясам.
Ты не баісься іх, ганарлівая,
узмахнеш, пакідаючы, крыламі.

Апантана ўчапілася ў неба,
на развітаньне ўзмахнула, бачыце?
І мне да яе дацягнуцца - нельга.
Хоць я й прыўстаю
на пальчыкі.




НАСУПЕРАК

Жыцьцё працягнецца табе насуперак -
незадаволеная йдзеш, насупленая,
ад крыўды сківіцы зьвяло ажно да сутараг...
Жыцьцё працягнецца табе насуперак,
насуперак.

Ты чуеш, сука? -
ўсё насуперак!

Наступны дзень на сонны твар насунуты -
я карыстаюся тваёй адсутнасьцю -
у лёгкім ступары у дзьверы стукаю:
"Жыцьцё працягнецца!..
Табе насуперак!..."

Мне сумна, сапраўды, але, па сутнасьці,
жыцьцё працягнецца табе насуперак.

Нібыта камень, што з душы маёй пасунуты:
Жыцьцё...
працягнецца...




* * *

Вяртайся да мяне, вяртайся
ранішнім рэйсам, патаемна, -
адразу ў прайм-тайм, праз авіа-касы,
праз неразуменьне, праз нэрвы.

Хадой, аўтаспынам, альбо бізнэс-клясай,
але, калі ласка, вяртайся, вяртайся.
Адкінуўшы ўсё, не марнуючы часу, -
чакаю, чакаю, вяртайся, вяртайся.

Вяртайся да мяне, вяртайся -
ня мае сродкаў мая "медыцына" -
сюды, дзе фактычна адны… пі…расы,
а я чакаю цябе традыцыйна.

Вяртайся да мяне, вяртайся
пакуль без прычыны, каб, можа быць, проста
па сьцежках блукаць уздоўж БелТрансГазу
і кпіць - і кахаць - і сьмяяцца - і помсьціць.

…Старое жыцьцё пад уключаным прасам
пакінь ненаўмысна; вяртайся, вяртайся…

Ня вернесься ты. Не вагайся. Прынамсі,
я буду чакаць: "Вяртайся, вяртайся..."





* * *

Невыносна па вуснах пляце павуціньне
адценьне пачуцьця - слухаю цені,
шукаю сузор'і ў тваім рабаціньні,
мы - цені таксама, мы - у адзеньні?..

Мы - у адзеньні, бо ведаем, дзе мы:
у якім атачэньні й аблогах якіх.
З засяроджаным тварам - чакаючы дзеі -
за дзьвярыма пакоя прыціхлі бацькі.




МАГДАЛIHА

Ня плач, Магдаліна, вагіна Эвангельля,
ты не сумуй, непахісная верніца,
вернецца твой гасподзь прагны -
па тэорыі імавернасьці -
абавязкова вернецца.

Паступова зацягнецца сэрца багнаю,
будзе балюча і крыўдна да скону -
і вернецца твой гасподзь прагны,
вернецца, вернецца абавязкова.

Чакаць ў кнігарнях, кавярнях, мэтро,
на гэтым сьвеце чакаць (і тым)
і памятаць нават у ложку ўтрох,
што вернецца божы сын.

Калісьці настане апошні год -
чаканьнем адно нічога ня зьменіш,
бо ты памрэш, чакаючы яго.
І ты хутчэй за ўсіх яго сустрэнеш.

Справаздача па роспачы
Мне сумна.
Шпурнутая ў сьпіну сьнежка - мэтафара сумы
атрыманых ведаў у барацьбе са звыкласьцю:
зьмяшалася ўсё ў адну біблейскую суну,
зьліплася...

Зьліліся
разуменьні сэнсаў існаваньня ды існасьці -
вось так перастанем
адрозьніваць з часам
адценьні.
І ня ў вочы будзем глядзець,
а крывавіць: "Зьлітуйся!",
і не чалавеку,
а - ценю.

Па адзеньні,
як павялося, мяне сустрэнуць,
праводзяць па розуме:
нехта прыме маё, нехта скрывіць ськівіцы...
Мы ўсе пражываем жыцьцё па-рознаму:
бог глядзіць на нас -
толькі дзівіцца.




ЗЯЛЁНЫ ЧАЛАВЕЧАК

Проста блукаючы па вуліцах нейкім лютаўскім вечарам
і складаючы вершы, забыўшыся на дакоры,
я выпадкова сустрэўся позіркамі зь зялёным чалавечкам,
расьпятым на звычайным сьвятлафоры.

І ня тое, каб вельмі сьпяшаўся я зараз дадому -
проста зьяўленьнем сваім ён адкрыў мне дарогу.
І ён, каго я дачакаўся, быў нават больш Хрыстом,
чым той, каго прынята лічыць сынам бога...

І чамусьці падумалася аб далёкім і цёплым чэрвені,
недасягальным, лагодным моры...
А вуліца гудзела сабе, бы вялікае чэрава,
не заўважаючы мэсію, расьпятага на сьвятлафоры...




РОСПАЧ НА ПРОДАЖ

Высьпела роспач, пачвара чароўная, -
поўныя вочы празрыстай слодачы.
Высьпела роспач, ладная, чорная,
і хопіць на продаж роспачы.

Высьпела роспач,
высьпела,
вылезла,
воспай на твары высыпала,
воскам, выступамі,
сьлязамі празрыстымі,
выспамі,
высямі,
няспыннымі выразамі,
выспалася...
Высьпела.

Высьпела роспач. На першым паверсе,
дзе вершы складае "нейкая сволач",
пахне гарэлкай. Па адной з вэрсій,
гэта -
высьпела роспач.

Высьпела роспач.
У краіне адчаю,
пераважна населенай беларусамі,
чалавек з вусамі шлёпае вуснамі
і слова яго -
не да-па-ма-га-е...

Высьпела роспач,
высьпела,
зьзяючай язвай на целе выступіла,
рапсодыяй высыхлай,
срэбраным выстрэлам,
вызнала,
вылезла,
задзірліва чорныя кветкі выставіла,
выкараскалася -
высьпела...

Высьпела роспач, вые нямая,
і проста так да яе не падойдзеш,
ды скажыце ўсім: чалавек, што складае,
мае танную роспач на продаж.




ГАБРЭЙ

Ня трэба хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй,
гаварыць, дзе закон, а дзе - не закон.
Мне ніколі ня быў даспадобы габрэй,
што назірае за мной з ікон...

І адрокся, і сонца ня зьмеркла.
"Хто ты? - пытаюся, - хто ты?"
Наразмаўляешся так вось з люстэркам...
да ірвоты...

Адзінота
зьядаць пачынае з вачэй.
Крочыш па пакоях, крочыш.
Што ты хочаш ад мяне, габрэй,
чаго чакаеш, навошта сочыш?..




***

Вяртайся да мяне, вяртайся
ранішнім рэйсам, патаемна, -
адразу ў прайм-тайм, праз авіа-касы,
праз неразуменьне, праз нэрвы.

Хадой, аўтаспынам, альбо бізнэс-клясай,
але, калі ласка, вяртайся, вяртайся.
Адкінуўшы ўсё, не марнуючы часу, -
чакаю, чакаю, вяртайся, вяртайся.

Вяртайся да мяне, вяртайся -
ня мае сродкаў мая "медыцына" -
сюды, дзе фактычна адны… пі…расы,
а я чакаю цябе традыцыйна.

Вяртайся да мяне, вяртайся
пакуль без прычыны, каб, можа быць, проста
па сьцежках блукаць уздоўж БелТрансГазу
і кпіць - і кахаць - і сьмяяцца - і помсьціць.

…Старое жыцьцё пад уключаным прасам
пакінь ненаўмысна; вяртайся, вяртайся…

Ня вернесься ты. Не вагайся. Прынамсі,
я буду чакаць: "Вяртайся, вяртайся..."


11 сентября 2006 г.

на стартовую страницу журнала содержание этого номера все авторы и их публикации в "Идиоте"

Не упустите время купить высококачественные матрасы прямо с завода.